21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы

Дата: 21 февраля 2025 в 08:04, Обновлено 21 февраля 2025 в 08:08
31 просмотр

Дзень роднай мовы 21 лютага

Ва ўсім свеце 21 лютага адзначаюць Міжнародны дзень роднай мовы. Свята было заснавана ЮНЕСКА ў лістападзе 1999 года з мэтай павышэння дасведчанасці аб моўнай і культурнай разнастайнасці і прасоўвання шматмоўя.

Сёння у нашым рознакаляровым і рознагалосым свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моваў. Палова з іх знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Менавіта дзеля іх захавання і быў абвешчаны Дзень роднай мовы.

   Гэта свята – нагода для носьбітаў любой мовы яшчэ раз задумацца аб лёсе той, адзінай, якую мы завём матчынай, на якой думаем, на якой вымавілі першае слова і на якой размаўлялі нашы продкі.

   Беларуская мова прайшла доўгі гістарычны шлях, на якім былі як часы росквіту, так і часы заняпаду. Былі нават такія перыяды, калі яна ледзь не знікла. Нашы бацькі, дзяды і прадзеды нямала зрабілі, каб беларуская мова была прызнаная як роўная сярод іншых моў свету.

Сёння любыя словы набываюць асаблівы сэнс.

Узгадаем нашу самабытнасць, выкажым сваю павагу i любоу

да роднай мовы!

 «Не саромся, беларус, гаманіць па-свойму — на роднай мове бацькоў і дзядоў сваіх. Шануй сваю мову, шануй свае песні, свае казкі, звычаі і ўсё роднае — гэта спадчына дзядоў і вялікі нацыянальны скарб. Толькі тады цябе ўсе будуць шанаваць як чалавека, калі сам сябе будзеш шанаваць — калі не адкінеш свайго нацыянальнага ўласнага багацця. А першы скарб нацыянальны — гэта родная мова».                                                                                                     

Змітрок Бядуля

Родная мова

З легендаў i казак былых пакаленняў,

З калосся цяжкога жытоў i пшанiц,

З сузор’яў i сонечных цёплых праменняў,

З грымучага ззяння бурлiвых крынiц.

З птушынага шчэбету, шуму дубровы,

I з гора, i з радасцi, i з усяго

Таго, што лягло назаўсёды ў аснову

Святынi народа, бяссмерця яго, –

Ты выткана, дзiўная родная мова.

Няма на зямлi таго шчасця i гора,

Якога б ты нам перадаць не магла.

Няма такiх нетраў, глыбокага мора

I гор, праз якiя б ты не правяла

Мяне на радзiму, туды, дзе сягоння

Стаiць акрываўлены вораг з пятлёй

Над спаленай хатай, над родным загонам,

Над будучыняй і песняй маёй –

Над тым, што было i што век будзе вольным.
 

Народ пранясе цябе, родная мова,

Святлом незгасальным у сэрцы сваiм

Праз цемру і годы змаганняў суровых.

Калi ж ападзе і развеецца дым

I нiвы васкросшыя закаласяцца, –

Iзноў прашумiш ты вясновым дажджом,

Iзноў зазвiнiш ты у кожнай у хаце,

Цымбалам дасi iх сарэбраны гром

I вусны расквецiш усмешкай дзiцяцi.

                                       Максім Танк

Беларускія дзеячы пра родную мову

Ніякае багацце людзей не бывае даражэйшым за іх родную мову. (Я.Колас)

Роднае слова – гэта першая крыніца, праз якую мы пазнаём жыццё і акаляючы нас свет. (Я.Колас)

Трэба любіць, ведаць і шанаваць мову свайго народа і ўмець дасканала валодаць ёю. (Я.Колас)

Кожны народ мае свой гонар. Англічанін перад усім светам горда вызначае: я – англічанін! Тое самае скажа француз, немец, аўстрыец, рускі і іншыя прадстаўнікі другіх нацый. А мы, беларусы, не адважываемся празнацца ў тым, што мы – беларусы. Бо на галаву беларускага народа, як вядома, многа выліта памыяў, годнасць яго прыніжана і мова яго асмеяна, у яго няма імя, няма твару. (Я.Колас)

Толькі праз родную мову чалавек можа стаць беларусам, бо ў ёй хімія і фізіка, гісторыя і батаніка, эканоміка і культура таго, што называецца нацыяй, народам. (Я.Сіпакоў)

Мова – гэта вялікі народны скарб. Яе нельга не паважаць, як нельга не паважаць родны народ.(І.Мележ)

Не саромся, беларус, гаманіць па-свойму – на роднай мове бацькоў і дзядоў сваіх. Шануй сваю мову, шануй свае песні, свае казкі, звычаі і ўсё роднае – гэта спадчына дзядоў і вялікі нацыянальны скарб. Толькі тады цябе ўсе будуць шанаваць як чалавека, калі сам сябе будзеш шанаваць – калі не адкінеш свайго нацыянальнага ўласнага багацця. А першы скарб нацыянальны – гэта родная мова. (З.Бядуля)

Хто не шануе родную мову, той не шануе сябе самога, ні свой род, ні сваіх дзядоў-бацькоў, якія той жа мовай гаварылі. (В.Ластоўскі)

Хто саромеецца роднай мовы, варты таго, каб і яго добрыя людзі саромеліся. (В.Ластоўскі)

Яно добра, а нават і трэба знаць суседскую мову, але найперш трэба знаць сваю. (Ф.Багушэвіч)

Шмат было такіх народаў, што страцілі найперш сваю мову, так як той чалавек перад скананнем, катораму мову займае, пасля зусім замерлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі. (Ф.Багушэвіч)

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.